РЭДУ́КЦЫЯ ПРА́ЦЫ,

працэс звядзення складанай працы да простай, якая не патрабуе спец. прафес. навучання, прадугледжвае звычайныя ўмовы вытв-сці, сярэднія фіз. і разумовыя здольнасці чалавека. Аб’ектыўная аснова для Р.п. — затраты часу работніка на атрыманне кваліфікацыі пры найб. эфектыўных формах падрыхтоўкі ў іх аптымальным спалучэнні, а таксама затрат на навучанне работніка для выканання складанай працы. Р.п. ўключае таксама працэс звядзення больш інтэнсіўнай і цяжкай працы да неабходнага ўзроўню інтэнсіўнасці і цяжкасці. Для звядзення відаў працы рознай складанасці да адзінай меры карыстаюцца каэф. рэдукцыі. Ёсць некалькі метадаў яго вылічэння: параўнанне затрат на навучанне работнікаў розных кваліфікацый, суадносіны заработных плат работнікаў розных кваліфікацыйных груп, параўнанне складанасці і цяжкасці працы і інш. Р.п. ўлічваецца пры распрацоўцы тарыфных сетак, фарміраванні цэн, разліку поўных затрат працы на выраб прадукцыі ў адной краіне, пры міжнар. супастаўленнях і інш. эканам. разліках.

т. 13, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)